Беларуская Служба

Альгерд Бахарэвіч: «Адбываюцца тэктанічныя зрухі ва ўспрыманні заходнімі еўрапейцамі нашай мовы, культуры, літаратуры»

08.04.2025 16:15
Беларускі пісьменнік быў ганаровым госцем варшаўскай канферэнцыі.
Аўдыё
1
  • «Польска-беларускія моўныя, культурныя, літаратурныя і гістарычныя сувязі».
 .
Плакат канферэнцыі. Фота: Кафедра беларусістыкі ВУ.

На Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылася штогадовая навуковая канферэнцыя «Польска-беларускія моўныя, культурныя, літаратурныя і гістарычныя сувязі». Сёлета ў якасці спецыяльнага госця на мерапрыемства быў запрошаны пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта ў будучым навучальным годзе будзе святкаваць 70-годдзе свайго існавання. Кафедра працуе ў рамках Факультэта прыкладной лінгвістыкі. Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, падчас якіх абмяркоўваюцца моўныя, літаратурныя, культурныя ды гістарычныя тэмы, сталі ўжо традыцыяй. Сёлета не было секцыі, прысвечанай дыялекталогіі, затое шырока абмяркоўваліся моўныя і літаратурныя пытанні, аб чым распавёў кіраўнік кафедры прафесар Андрэй Масквін.

— Мы працуем на факультэце прыкладной лінгвістыкі, і для нас гэтыя два накірункі - літаратуразнаўства і мовазнаўства - дамінуючыя. Я хацеў, каб былі яшчэ тэматычныя блокі. Я запрапанаваў зрабіць секцыю, прысвечаную глотадыдактыцы (выкладанню беларускай мовы за мяжой) і секцыю, прысвечаную Альгерду Бахарэвічу з нагоды яго 50-годдзя. Мне хацелася запытаць яго, як ён сябе адчуваў, калі быў у Беларусі. І як адчувае цяпер, жывучы за мяжой.

Альгерд Бахарэвіч на варшаўскай канферэнцыі. Альгерд Бахарэвіч на варшаўскай канферэнцыі.

Альгерд Бахарэвіч – адзін з самых запатрабаваных беларускіх пісьменнікаў на захадзе. Яго кнігі перакладаюцца на розныя мовы, яны атрымліваюць прызнанне і прэстыжныя ўзнагароды. У сваю чаргу, у Беларусі яго раман “Сабакі Эўропы” быў прызнаны экстрэмісцкім, наклад быў затрыманы на мяжы роўна 4 гады таму.

— Я стаю тут сёння з «Сабакамі Эўропы» па-нямецку. Мы нядаўна вярнуліся з Лейпцыгскага кніжнага кірмашу, які штогод уручае чатыры прэміі. Сёлета дзве з іх дасталіся беларускім кнігам — маім «Cабакам» і «Я з вогненнай вёскі». Жывучы ў Германіі, я бачу, што цяпер адбываюцца проста тэктанічныя зрухі ва ўспрыманні заходнімі еўрапейцамі нашай мовы, нашай культуры, літаратуры. Людзі проста адкрываюць для сябе існаванне беларускай культуры, беларускай літаратуры, беларускай мовы. Гэта адкрывае для нас абсалютна новыя магчымасці, і было б проста глупствам не карыстацца гэтымі магчымасцямі.


Аляксандр Мілінкевіч на варшаўскай канферэнцыі. Аляксандр Мілінкевіч на варшаўскай канферэнцыі.

Сярод слухачоў канферэнцыі прысутнічаў беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч, які адзначыў, што ён на дадзены момант – не столькі палітык, колькі грамадскі дзеяч, для якога вельмі важныя пытанні беларускай мовы і культуры.

— Для мяне такія канферэнцыі - гэта не проста галачка, якую можна паставіць у планах выканання працы. Гэта сур'ёзныя сустрэчы, дыскусія, супольныя праекты ў будучым, супольныя ацэнкі. Без гэтага акадэмічнае жыццё не можа існаваць. А тут яшчэ гэта тычыцца роднай Беларусі, за якую мы ўсе балеем, хочам, каб яна ўрэшце выйграла барацьбу за існаванне. Супер, што ў Польшчы ёсць структура ў акадэмічнай установе, такой выдатнай, як Варшаўскі ўніверсітэт. Называецца Кафедра беларусістыкі – вельмі важна, што гэта ёсць. Гэта як бы цэнтр прыцягнення ўсіх беларусістаў у розных краінах.

Будучы раней кіраўніком Кафедры беларусістыкі, прафесарка Ніна Баршчэўская на працягу шмат гадоў была адным з арганізатараў такіх навуковых канферэнцыі. На гэты раз яна магла свабодна паслухаць выступоўцаў і паўдзельнічаць у дыскусіі ў якасці слухача.

— Беларусазнаўчая праблематыка заўсёды актуальная. Сітуацыя беларускай мовы і беларускай культуры, на жаль, не паляпшаюцца, а пагаршаюцца. Таму ўсё, пытанні, датычныя суадносін паміж мовай, нацыянальнай тоеснасцю, у тым ліку таксама гісторыя назову Беларусі, бо гэтая тэма гучала на пленарным пасяджэнні. Яна актуальная, хацелася б, каб можна было захапляцца нейкім паляпшэннем сітуацыі, але, на жаль, пакуль няма ніякіх сігналаў, які сведчылі б аб тым, што гэта магчымае ў нейкай недалёкай будучыні. Таму мне цікава паслухаць, якая праблематыка надалей актуальная на гэтых канферэнцыях.

Сітуацыя беларуская мовы – гэта пытанне, якое актуальна стаіць асабліва востра. Гэтая тэматыка абмяркоўвалася падчас адной з тэматычных секцый. Між іншым, прагучаў даклад Радаслава Калеты аб стане беларускай глотадыдактыкі.

— Глотадыдактыка — гэта шырокі тэрмін, гэта навука аб усіх працэсах, звязаных з выкладаннем мовы і навучаннем мове. Гэта датычыць і настаўнікаў, і вучняў, і працэсу камунікацыі за межамі. У секцыі было некалькі дакладаў розных спецыялістаў, былі сучасныя, новыя тэмы, з новымі тэхналогіямі, з апытаннямі беларусаў, што яны думаюць пра беларускую мову, чаму яны яе вывучаюць, якая іх матывацыя, а апошні даклад быў пра выкладанне трох моў — англійскай, польскай і беларускай, напрыклад, калі маем розныя групы, тады ўдзельнікі такіх груп могуць дзяліцца сваім досведам.

Пры нагодзе канферэнцыі на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта можна было таксама набыць кнігі беларускіх аўтараў.

нг

Слухайце далучаны гукавы файл